ТЭХНІ́ЧНАЯ ТКАНІ́НА,

асноўны або дапаможны матэрыял для вырабу дэталей машын, установак і інш. у розных галінах прам-сці; разнавіднасць тканіны тэкстыльнай. Вырабляюць Т.т. пераважна з валокнаў хімічных, звычайна палатняным перапляценнем, якое забяспечвае найб. моцную сувязь паміж асновай і ўтком. Бывае адна- і шматслойная. Выкарыстоўваюць Т.т. як фільтравальныя і ізаляцыйныя матэрыялы, для вырабу аўтамаб. шын (гл. Корд), транспарцёрных стужак і прывадных пасаў (гл. Бельтынг), спец. ахоўнага адзення (гл. Брызент), пажарных рукавоў, парашутаў і інш.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)